ПАНАМЕРЫКА́НСКІ САЮ́З,

міжнародная арг-цыя, якая існавала ў 1910—48 і ўключала большасць амер. дзяржаў. Узнік на аснове створанага 1-й Панамерыканскай канферэнцыяй 1889 (гл. Міжамерыканскія канферэнцыі) Міжнар. саюза амер. рэспублік (у 1902—10 наз. Міжнар. бюро амер. рэспублік). Створаны па ініцыятыве ЗША, якія працяглы час выкарыстоўвалі яго механізм для правядзення ў жыццё дактрыны панамерыканізму. У 1930-я г. пад націскам краін Лац. Амерыкі ператварыўся ў паліт. арг-цыю. Правапераемніца П.с. — Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў (з 1948), адм. апарат якой дзейнічаў пад назвай «П.с.» да лют. 1970, калі быў перайменаваны ў Ген. сакратарыят.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)